У музеі яскрава прадстаўлены матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі вёсак, на месцы якіх вырас Наваполацк.
Вельмі крыўдна часам чуць, што Наваполацк – горад, які не мае гісторыі. Так, гісторыя самаго горада невялікая. Але ж горад узнік не на пустым месцы. Слабада, Серадома, Плаксы – першыя вёскі, на тэрыторыі якіх быў пабудаваны горад. У 1968 была знесена в.Шніткі, у 1974 – в.Вітаржжа, у 1976 – в.Васілеўцы і Падкасцельцы. На тэрыторыі вёсак Дручаны, Траецкае, Ражаншчына, Усце, Цюлькі, Галічына, Дзеготкі быў пабудаваны нафтаперапрацоўчы завод. Тэрыторыя вёсак Залюхава і Москі адышла пад будаўніцтва завада БВК і яго санітарна-ахоўную зону. Новікава, Мергулава, Паштары, Беланава, Сасноўка, Гурэнкі, Зуі, Касарова, Літвінава, Банонь, Галяшова, Новы Двор, Праварышча – гэта вёскі, тэрыторыі якіх адышлі пад будаўніцтва завода “Палімір” і будаўнічы трэст № 6.
Такім чынам, 30 беларускіх вёсак былі знесены, але не адышлі ў нябыт у памяці іх былых жыхароў. Хочацца верыць, што ў памяці зберагліся і шматлікія традыцыі вясковага жыцця. На нашу думку, было б вельмі добра, каб гэтыя традыцыі захаваліся на нашай зямлі, каб дзеці і іх бацькі ведалі, як жылі іх продкі і бралі для сябе самае найлепшае. У той жа час нядрэнна было б, каб самі жыхары знесеных вёсак, якія па волі лёсу сталі гараджанамі, а ў душы так і засталіся вяскоўцамі, маглі вяртацца ў тыя гады не толькі ў думках, але і ў рэальным жыцці.
Улічваючы ўсё вышэй пералічанае, можна вызначыць асноўную мэту і задачу экспазіцыі музея “Хата ў жыцці беларуса” – даць уяўленне аб гісторыі наваполацкіх зямель да часу з’яўлення горада і аб традыцыях гэтага рэгіёна праз сямейныя святы і абрады.
ЭКСПАЗІЦЫЯ ПАДПАРАДКАВАНА НАСТУПНЫМ ЗАДАЧАМ:
- адлюстраваць гісторыю знесеных вёсак;
- гістарычна дакладна аднавіць быт сялянскай хаты дадзенага регіёна;
- на этнаграфічным матэрыяле і з дапамогай сімвалаў паказаць асноўныя моманты жыцця чалавека ў хаце.
Наш музей – гэта драўляная хатка з ганкам і сенямі. Умоўна ўсё памяшканне “хаткі” раздзелена на 2 часткі. Адна частка – гэта сапраўдная музейная экспазіцыя, прысвечаная сямейнай абраднасці беларусаў Паазер’я канца XIX – першай паловы ХХ ст. Прычым, кампазіцыя першай часткі музея падпарадкавана не ілюстрацыі святаў і абрадаў, а аповяду пра іх на мове сімвалаў, якія набываюць тут аб’ёмную форму.
Напрыклад, кажух – проста адзін з элементаў верхняга адзення, але кажух, якім накрыта дзяжа – сімвал багацця, плоднасці, абавязковы элемент радзіннай, вясельнай абраднасці. Такім чынам, звычайныя знаёмыя прадметы этнаграфіі ў кантэксце музейнай экспазіцыі пераўтвараюцца ў сімвалы традыцый і абрадаў, каб паказаць асноўныя моманты жыцця чалавека ў хаце.
Пасля таго, як адлюстраваны сямейныя святы, абрады і рытуалы, лагічна перайсці туды, дзе адбываліся гэтыя абрады – у сялянскую хату, інтэр’ер якой адноўлены максімальна дакладна. Такім чынам, другая частка музея ўяўляе сабой фрагменты беларускага жылля – сені і хата. Такі падзел, на нашу думку,l дае магчымасць больш поўна і аб’ектыўна расказаць і паказаць асноўныя вехі чалавечага жыцця.
Асноўныя раздзелы экспазіцыі:
Будаўніцтва хаты (знесеныя вёскі, сакрэты дойлідскага майстэрства, сялянская сядзіба, улазіны).
Сямейная абрадавасць беларусаў (радзіны, выхаванне дзяцей і падлеткаў, вяселле, смерць, пахаванне, памінанне).
Сялянская хата (печ, покуць,бабін кут, сені).
Сабраныя ў музейныя фонды прадметы захоўваюць памяць мінулага. Усяго ў музейным фондзе налічваецца 571 экспанат, з іх 349 экспанатаў асноўнага фонда. Да наўбольш каштоўных экпанатаў адносяцца: кашуля, кораб, ручнік, ступа, самавар дарожны, шархуны, матавіла, прасніца, рэшата, дзеравяннікі.
Такім чынам, асноўная задача музейнай экспазіцыі – прадставіць сямейныя абрады і святы беларусаў Паазер’я як сістэму, якая валодае ўнутраным адзінствам, цэльнасцю, непарыўна звязанай з жыццём і бытам людзей.